| Алесь Чайчыц ( @ 2006-12-08 10:44:00 |
| Current mood: | І нясьцерпна хочацца плакаць |
| Current music: | Joe Hisaishi - The Legend of Ashitaka Theme |
| Entry tags: | miyazaki |
"Ваўчыная прынцэса"

Не памыліўся ў чаканьнях ад апошняга непрагледжанага дагэтуль блёк-бастэру Міядзакі "Прынцэса Мононоке".
У нечым гэта фільм, дзе Міядзакі пераступіў пэўную мяжу, якую не пераступаў дагэтуль. Хаця вайна і гвалт былі і ў іншых фільмах майстры - але ўпершыню ўбачыў тут насамрэч жорсткія забойствы на экране. Як-ніяк, усё адбываецца на фоне зусім ня казачнага Сярэднявечча - гэта у першы час трохі зьбянтэжыла, хаця ў выніку агульнага ўражаньня не сапсавала.
Але таксама тут упершыню, як нідзе дагэтуль, разьвіваецца тэма каханьня - гэтага пяшчотнага, цнатлівага, анёльскага і дзіцячага, ніяк не выказанага, акрамя позіркаў і лёгікі разьвіцьця падзеяў, каханьня Сан і Асітакі тут, Сііты і Пазу ў "Лётаючым замку", Наўсікі і - як жа звалі таго дзікага хлопчыка? - у "Наўсіцы з даліны ветраў", Цігіро і Гаку ў "Унясённых Зданямі" якое ў выніку вырасла ў нешта больш дарослае і больш завуаляванае паміж Гаўлам і Софі ў "Блукаючым замку". Самыя зорныя творы Міядзакі - гісторыя адной і той жа дзіцячай любові-каханьня, якое йдзе зь фільму ў фільм, ад "Наўсікі" да "Блукаючага замку". Але толькі тут насамрэч гучыць само слова "каханьне", толькі тут адбываецца першы ў фільмах майстры Міядзакі пацалунак - дый той калі параненага Сан корміць Асітаку лячэбнымі зёлкамі з рота ў рот.

Вяртаючыся да рэальнасьці, адчуваньне, у якім жа мы з вамі жывем чэрствым, прагматычным, кватратагаловым эўрапейскім сьвеце. Мы можам толькі зпашляць і збанальваць дадзенае нам Богам, мы можам жорстка вырываць часткі з навакольнай прыроды, перажоўваць іх, зжыраць і, прапусьціўшы празь сябе, выдаць прадукт сваёй, так бы мовіць, культуры. Вось ён, кантраст захаду і ўсходу. Вось што атрымоўваецца пазьбегнуць Міядзакі, праз гэтую ўзьнёсласьць, філіграннасьць, глыбіну яго твораў.
Мілыя сэрцу штрыхі, почырк майстра Міядзакі. Знаёмыя з "Наўсікі" бягучыя горды дзікоў / ому, знаёмы з "Унесеных зданямі" аплываючы сочнай сьлізьзю вурдалак / госьць у лазьні, жанчына-вамп на княскай пасадзе з "Наўсікі". Хаця і няма знакамітага тэхнакратызму і палётаў. Таксама прысутнічае ня ўвесь набор стандартных міядзякіяўскіх пэрсанажаў: "старая бабуля" зьяўляецца толькі ў пачатку, "таўсьцяка Тоторо" няма ўвогуле.
Гаяо Міядзакі - геній, якога не пераўзысьці. Чалавек, які дазволіў мне нарэшце даць сцьвярджальны адказ на пытаньне "Твой улюблёны фільм", няхай гэта і не (толькі) "Мононоке". Хто не глядзеў - абавязкова, абавязкова праглядзіце.
Як заўсёды пасьля міядзакіеўскага фільму, хочацца, а ня можацца, нырнуць у экран манітору, і назаўжды застацца там, у тым зялёным духмяным лесе з журчачымі ручаямі і на тых сонечных лугах, у тым чароўным сьвеце, населеным размаўляючымі жывёламі, небаракамі-людзьмі і страшнымі сьпярша, але насамрэч мілымі і добрымі маленькімі белымі зданямі.
Да апошняй літары праглядаеш зыходзячыя фінальныя тытры.
І нясьцерпна хочацца плакаць. Сьлязамі параненага бездапаможнага закаханага Асітакі.